Сёлета споўнілася б 74 гады з дня нараджэння прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага. Дзяржаўны дзеяч загінуў у авіякатастрофе разам з жонкай і іншымі пасажырамі ды экіпажам спецборту – агулам 96 чалавек. Сёння мы згадаем біяграфію былога прэзідэнта ў гадавіну яго дня нараджэння.
Лех Качыньскі быў старшынём Вярхоўнай кантрольнай палаты Польшчы, мэрам Варшавы, міністрам юстыцыі, прэзідэнтам краіны, доктарам юрыдычных навук, прафесарам, а ў часы ПНР – дзеячам апазіцыі. Пры гэтым як яго апаненты, так і прыхільнікі адзінагалосна сцвярджаюць, што ён быў вялікім польскім патрыётам.
Лех Аляксандр Качыньскі нарадзіўся 18 чэрвеня 1949 года ў Варшаве ў сям’і інжынера Раймунда Качыньскага і польскага філолага Ядвігі Качыньскай, у дзявоцтве Ясевіч. Яго брат-блізнюк Яраслаў – старшыня кіруючай актуальна ў Польшчы кансерватыўна-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць», віцэ-прэм’ер ураду краіны.
Дарэчы, Лех Качыньскі па сямейных абставінах быў звязаны з Беларуссю. Яго бацька Раймунд у 1920-я гады жыў у Баранавічах, там закончыў ліцэй. Справа ў тым, што бацька Раймунда быў адным з начальнікаў баранавіцкага чыгуначнага вузла. Перад самай вайной Качыньскія пераехалі ў Брэст. Калі пачалася вайна, сям’я, баючыся дэпартацыі ў Сібір, пераехала ў Варшаву, і менавіта з польскай сталіцай звязала далейшае жыццё. Раймунд Качыньскі быў удзельнікам Варшаўскага паўстання, падчас якога атрымаў афіцэрскі чын паручніка і быў узнагароджаны ордэнам Virtuti Militari – найвышэйшым ваенным ордэнам Польшчы.
Лех Качыньскі
Жонка Леха Марыя Гэлена, у дзявоцтве Мацкевіч, нарадзілася на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, якая тады ўваходзіла ў склад Польшчы, у гміне Кабыльнік (сёння – аграгарадок Нарач).
У 1962 годзе Лех з Яраславам сыгралі галоўныя ролі ў папулярным у Польшчы дзіцячым фільме-казцы «Пра тых, хто ўкраў Месяц». Ролі двух хлопчыкаў-блізнюкоў па імені Яцэк і Пляцэк прынеслі ім вядомасць у Польшчы.
У дарослым жыцці браты Качыньскія аднак не выбралі акцёрскай кар’еры – абодва падаліся ў юрысты, закончыўшы Юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэту. У 1972 годзе Лех Качыньскі абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Гданьскім універсітэце, у 1990 годзе стаў прафесарам юрыдычных навук, быў спецыялістам працоўнага права.
У часы Польскай Народнай Рэспублікі як Лех, так і Яраслаў пачалі ангажавацца ў апазіцыйную дзейнасць. Пасля грамадска-палітычных перамен канца 1980-х, пачатку 1990-х гадоў абодва сталі дзеючымі палітыкамі.
Цягам палітычнай кар’еры Лех Качыньскі займаў высокапастаўленыя дзяржаўныя пасады. У 2005 годзе выбраны на пасаду прэзідэнта Польшчы.
Вось як прэзідэнт Лех Качыньскі згадваў перыяд міжваеннай Польшчы падчас выступлення ў Дзень незалежнасці 11 лістапада 2009 года на плошчы імя Юзэфа Пілсудскага ў Варшаве.
- Польшча стала незалежнай таму, што палякі паўсталі на барацьбу за сваю айчыну і зрабілі ўсё, каб стварыць дзяржаву. У 1918-1921 гадах, гэта значыць да заканчэння Трэцяга Сілезскага паўстання, мы абаранілі сваю дзяржаву і адстаялі яе межы. У міжваеннай Польшчы, якой мы ганарымся, былі таксама свае недахопы. Польшча не была ідэальнай дзяржавай, бо ў свеце не існуе ідэалаў. Але нам удалося аб’яднаць землі, якія раней знаходзіліся пад панаваннем трох імперый, стварыць судова-юрыдычную сістэму, дзяржаўную адміністрацыю, узброеныя сілы. Міжваенны перыяд – гэта вялікі перыяд развіцця літаратуры, мастацтва і навукі. Тыя 20 гадоў – гэта вялікія гады.
Сучаснікі гаварылі, што Лех Качыньскі быў вельмі мілым і цёплым чалавекам, умеў слухаць людзей, у тым ліку і палітычных апанентаў, і быў вельмі блізка звязаны са сваім братам Яраславам. Не сакрэт таксама, што менавіта Яраслаў быў большым завадатарам і ініцыятарам розных захадаў і задумаў, хоць і стараўся трымацца ў ценю свайго брата. Гаворыцца таксама, што насамрэч перамога Леха ў прэзідэнцкіх выбарах – гэта заслуга менавіта брата.
Марыя і Лех Качыньскія
Жыццё Леха абарвала катастрофа ўрадавага самалёта Ту-154М пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года. Разам з ім загінула жонка Марыя Качыньская. Гэтая падзея стала не толькі трагедыяй у гісторыі польскага народу, але і асабістай трагедыяй Яраслава Качыньскага, Ядвігі Качыньскай і Марты – дачкі Леха і Марыі.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл